Ніколі не забудзем дзень той красавіцкі,

Калі з пятлёю, куляю, штыком

Прыйшоў пракляты “новы лад”фашысцкі

Чыніць расправу ў наш спакойны дом.

Нясліся енкі з пылаючых вёсак,

Лілася кроў нявінная дзятей.

І над усім быў смерці адгалосак,

Віліся груганы над грудамі касцей.

Але нікуляй, ні агнём і ні гранатай

У нас волі гордай вораг не скарыў.

“Смерцю за смерць адплоцім супастатам!”

Вось наш прысуд, ён выліўся ў прызыў.

Верш партызанкі Р. Вятровай

 

 

     Добры дзень, дарагі прадзед Фёдар!

     Піша табе твая старэйшая праўнучка Аліна.

     Я цябе жывым ніколі не бачыла, толькі на фотаздымках. Мая мама, твая ўнучка, шмат расказвала пра цябе. Па жыцці ты быў прыкладам для нашай сям’і. Мама мне гаварыла, што ты быў цудоўным цесляром. Твае рукі ўсё маглі змайстраваць – вырабы з дрэва ведалі многія людзі і не толькі з нашай вёскі. І па цяперашні час з падзякай успамянаюць цябе.

     Пасля тваёй смерці маёй маме ў спадчыну засталіся твае ўзнагароды, якія мы з вялікай цікавасцю разглядаем. Я ведаю, што ў 1942 годзе ты ваяваў у партызанскім атрадзе імя Гарбачова і дайшоў у канцы вайны да Берліна. Я ведаю, што ў цябе чатыры баявыя медалі, два ордэны і дзевяць юбілейных медалёў: у 1944 годзе ты быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, у лютым 1945 года ордэнам “Чырвонай Зоркі” і яшчэ медалём “За ўзяцце Кенігзберга”, у 1946 годзе табе ўручылі медаль “За перамогу над Германіяй”.

     Я абяцаю: твае ўзнагароды будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне ў нашай сям‘і. У маёй памяці ты застанешся сапраўдным героем!

 

 З нізкім паклонам

твая праўнучка Аліна