Лист да салдата

Добры дзень, незнаёмы салдат!

Піша табе дзяўчынка Арына, вучаніца пятага класа сярэдняй школы №21 г.Магілёва. Я хачу павіншаваць цябе са святам 23 лютага, Днём абаронцаў Айчыны, узброеных сіл Рэспублікі Беларусь.

Хачу сказаць табе дзякуй за тое, што мы, дзеці, жывём у мірнай краіне пад спакойным небам. За тое, што я не баюся хадзіць па вуліцах роднага горада. Раніцай я з радасцю бягу ў школу і шчаслівай вяртаюся дадому. Я ахвотна займаюся танцамі і люблю свайго кіраўніка Ірыну Міхайлаўну. Мне падабаецца рыхтавацца да канцэртаў і выступаць на сцэне. А запраз яшчэ я пачала наведваць трэніроўкі па баскетболу і буду старацца, каб удзельнічаць у спаборніцтвах і перамагаць.

Яшчэ мне вельмі падабаецца быць з бацькамі на дачы. Я дапамагаю садзіць на градах агуркі, памідоры, буракі і іншую гародніну, а потым даглядаць кволыя парасткі і назіраць, як яны становяцца сакавітымі, буйнымі раслінамі.

Улетку мы часта ходзім у лес, збіраем грыбы, ягады, лекавыя расліны. Яшчэ я люблю купацца ў Лахве, хоць вада ў гэтай рэчцы халодная.

Дзякуй табе, салдат, за маё шчаслівае дзяцінства, за тое, што я магу вучыцца і далей выбраць любімую прафесію.

Гэта ты ахоўваеш нашы межы, наша блакітнае неба, наш спакой. Ты дзень і ноч нясеш сваю нялёгкую службу, авалодваеш самай складанай сучаснай тэхнікай.

Мой тата служыў на Байкануры, дзядуля быў камандзірам танка, служыў у Германіі. Яны часта расказваюць пра сваю службу. Я ведаю, што ім было нялёгка, але адначасова я ганаруся сваімі абаронцамі. Я думаю, што ведаю, якім павінен быць сапраўдны мужчына!

Яшчэ раз віншую цябе са святам! Здароўя табе, стойкасці, мужнасці і вытрымкі!

Да пабачэння.

З павагай

дзяўчынка Арына

 

Игуменова Арина, 10 лет г.Могилев